Часовая экспазіцыя «Жахлівая прыгажосць»

4 жніўня 2025 года ў 18.00 у музеі Якуба Коласа пачне сваю працу часовая экспазіцыя “Жахлівая прыгажосць”, прысвечаная культуры пасмяротных масак. Імкненне захаваць вобраз памерлага знаходзіла праяву ў розныя часы і ў розных культурах, але за кожнай традыцыяй стаяла разуменне непазбежнасці знікнення цела і, асабліва, твару, як найвыразнейшага ўвасаблення рыс індывіда. Дакладнай інфармацыі, калі традыцыя стварэння пасмяротных масак з'явілася на тэрыторыі беларускіх земляў і як яна развівалася, на жаль, у адкрытым доступе няма. Выбудаваць іерархію беларускіх скульптараў, якія прыклалі сваю руку да гэтага далікатнага віду скульптуры, дастаткова складана. Хоць ва ўсім свеце пасмяротныя маскі адназначна ставяцца да разраду мастацтва, многія беларускія скульптары не афішуюць сваё дачыненне да стварэння пасмяротных масак. На часовай экспазіцыі “Жахлівая прыгажосць” падрыхтаванай сумесна з Нацыянальным мастацкім музеем, Мемарыяльным музеем-майстэрняй З.Азгура прадстаўленыя пасмяротныя маскі дзеячоў культуры.

406