Музей гісторыі і культуры горада Орша

Шмат падзей, шмат пераменаў, шмат лёсаў увабрала гісторыя Оршы! Для захавання памяці пра мінулае для сучаснікаў і будучых пакаленняў быў створаны Музей гісторыі і культуры горада Оршы.

Пастанова Вярхоўнага Савета БССР «Аб стварэнні Музея гісторыі і культуры горада Оршы» выйшла яшчэ ў 1984 годзе. Але працэс стварэння музея расцягнуўся на доўгі час — ніхто не мог адказаць на галоўнае пытанне: дзе размесціцца яго экспазіцыя? І толькі ў 1987 годзе гэтая праблема была вырашана. Так, рашэннем гарсавета для краязнаўчага музея быў выдзелены будынак былога штаба грамадзянскай абароны. Сімвалічна, што гэты будынак з'яўляецца часціцай гісторыі нашага горада — помнікам грамадзянскага будаўніцтва канца XIX — пачатку XX стст. У першай палове XX стагоддзя ў будынку знаходзіўся жылы дом і невялікая галантарэя. У 1949 годзе быў прыбудаваны яшчэ адзін будынак, у якім размяшчаўся радыёвузел горада. У 1987 годзе створана ініцыятыўная група. Узначаліў яе на той момант аршанскі краязнаўца, выкладчык гісторыі Ігар Яршоў.

Музей гісторыі і культуры горада Оршы — філіял установы культуры «Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны» быў заснаваны 1 сакавіка 1989 годзе, а адкрыты для наведвальнікаў у снежні 1992 года. Экспазіцыя музея ўяўляла сабой паслядоўны агляд гістарычнага мінулага з акцэнтам на ключавыя падзеі рэгіёна, пачынаючы ад першабытна-абшчыннага ладу, заканчваючы другой паловай 80-х гадоў ХХ стагоддзя, дазваляючы прыадчыніць заслону часу і апынуцца на самых цікавых старонках гісторыі нашай малой радзімы.

На сённяшні дзень музей рыхтуецца прыняць наведвальнікаў у новай экспазіцыі, якая парадуе не толькі насычанасцю аўтэнтычных прадметаў, але і шэрагам інтэрактыўных комплексаў, дзе наведвальнік зможа стаць і гледачом і непасрэдным удзельнікам гістарычнага працэсу.